Шмат гаварылася і гаворыцца пра тое, што беларуская мова сёння выкарыстоўваецца ў рэальным жыцці – на бытавым узроўні, у неафіцыйных зносінах радзей за рускую. Але ў тых беларусаў, якія дасканала ведаюць родную мову і часта карыстаюцца ёй, ёсць яшчэ адна праблема – свая, унутраная. Гэта своеасаблівая міжусобная вайна, падзел носьбітаў беларускай мовы на два варожыя лагеры: з аднаго боку – прыхільнікаў так званай «тарашкевіцы», з другога – «наркамаўкі». Што гэта значыць?

     Дзве мовы ў адной 

     Сёння існуюць два варыянты беларускай мовы, даволі непадобныя адзін да аднаго. Яны носяць неафіцыйныя назвы «наркамаўка» і «тарашкевіца». Калі, напрыклад, прыхільнікі першага варыянта ўжываюць словы «класс», «філасофія», «чайнік», «каструля», то іх праціўнікі карыстаюцца адпаведна словамі «кляса», «філязофія», «імбрык», «рондаль». Аматары «тарашкевіцы» сцвярджаюць, што мова «наркамаўцаў» не зусім беларуская, зламысна скажоная ў часы савецкай улады. «Наркамаўка», на іх думку, варыянт беларускай мовы, максімальна набліжаны да рускай, створаны з мэтай пазбавіць беларусаў нацыянальнай самабытнасці. «Наркамаўцы» ж лічаць, што «тарашкевіца» занадта архаічная, састарэлая; яна – пройдзены этап, які заканамерна адышоў у гісторыю і саступіў месца іншаму (усё цячэ, усё змяняецца). Дык што ж там, у гісторыі, было?

     Вытокі праблемы

     Мова любога народа спачатку, у старажытнасці, існавала толькі ў вуснай форме – людзі размаўлялі, але не пісалі. Калі пачало развівацца пісьменства, то спачатку не было правілаў, як пісаць тое ці іншае слова – кожны пісаў як хацеў. Напрыклад, у розных старажытных беларускіх тэкстах барка (рачное судна) называлася то «витина», то «вицына»; д’ябал – «Люциперъ» або «Люцаферъ», прыметнік са значэннем «вялы, слабы» выглядаў як «мдлый», «мглый», «мкглый» і інш. Гэта адбывалася з-за таго, што аўтары належалі да розных рэгіёнаў краіны і карысталіся рознымі гаворкамі.

     Па меры развіцця цывілізацыі, навукі, калі стала зразумела, што ва ўсім патрэбен парадак і строгая ўнармаванасць, пачалі ствараць і нормы правапісу (правілы арфаграфіі). Пісьменнікі, фалькларысты, мовазнаўцы абмяркоўвалі розныя дыялектныя словы, асаблівасці дыялектнага вымаўлення і ў выніку выпрацоўвалі правілы вымаўлення і напісання, якія былі б зразумелыя ўсім прадстаўнікам народа, незалежна ад таго, якім дыялектам яны карыстаюцца. Гэтыя правілы і павінен ведаць кожны пісьменны, адукаваны чалавек.

     У Беларусі найбольш поўныя, дасканала распрацаваныя правілы арфаграфіі ўпершыню былі выдадзены ў 1918 годзе Браніславам Тарашкевічам (выйшлі асобнай кнігай пад назвай «Беларуская граматыка для школ»). Яны значна адрозніваліся ад сучасных. Напрыклад, больш шырока выкарыстоўваўся мяккі знак: «сьнег», «сьмех», «зьнізу» і інш. (сёння мы пішам «снег», «смех», «знізу»). Словы, якія прыйшлі ў беларускую мову з іншых моў, амаль цалкам захавалі сваё гучанне: «лябараторыя», «ляндшафт», «парлямэнт» (сёння, адпаведна, «лабараторыя», «ландшафт», «парламент». Гэта словы з лацінскімі каранямі, а ў лацінскай мове гук «л» заўсёды быў мяккі). Было шмат складаных граматычных формаў: сучаснае словазлучэнне «дзве хаты» выглядала б, паводле Тарашкевіча, як «дзьве хаце», а прывычныя нам формы «касцямі», «крычым», «дзвюх», як «касьцьма», «крычом», «дзьвёх». Гэты варыянт правапісу і называецца «тарашкевіцай». Некаторыя і сёння лічаць яго найбольш правільным і выконваюць яго асноўныя прынцыпы.

     Але «Беларуская граматыка для школ» была толькі першай спробай унармавання, і таму заканамерна, што пазней вучоныя збіраліся на канферэнцыі, каб удасканаліць правапіс Тарашкевіча. Адна з такіх канферэнцый, якая мела значныя вынікі, адбылася ў 1933 годзе. На ёй граматыка Тарашкевіча была вельмі грунтоўна перапрацавана, спрошчана. А паколькі канферэнцыя адбывалася ўжо пры стабільна ўсталяванай савецкай уладзе і вынік яе дзейнасці – новы, рэфармаваны варыянт правапісу быў зацверджаны Саветам Народных Камісараў БССР, то пазней гэтыя правілы і сталі называць «наркамаўкай».

     Апошні раз правілы беларускай арфаграфіі пераглядаліся і дапрацоўваліся ў 1959 годзе. Тады Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР былі прыняты «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», якія афіцыйна з’яўляюцца абавязковымі для выканання і па сённяшні дзень. Ім навучаюць дзяцей у школе, імі карыстаюцца дзяржаўныя СМІ. Праўда, апошнія часам дапускаюць невялікія адступленні, таму што некаторыя правілы яўна нелагічныя (напрыклад, гаворым «экзэмпляр», а пісаць трэба «экземпляр» – ад такіх нормаў і адступаюць некаторыя друкаваныя выданні).

     А наколькі далёка адступаюць ад правілаў прыхільнікі «тарашкевіцы»?

     Рэфарматары рэформы

     Пэўная частка сучасных носьбітаў беларускай мовы негатыўна ставіцца да афіцыйнага правапісу і адстойвае думку аб тым, што яго трэба змяніць, зноў наблізіўшы да «тарашкевіцы». Гэтыя людзі актыўна выкарыстоўваюць нетрадыцыйны правапіс – ужываюць «лішнія» мяккія знакі і набліжаюць іншамоўныя словы да іх першакрыніцы (згаданыя вышэй «сьнег», «філязофія» і г.д.). Найбольш распаўсюджана гэта з’ява ў недзяржаўных СМІ: беларуская служба радыё «Свабода», газета «Наша ніва», некаторыя сайты; выходзяць на «тарашкевіцы» выданні беларускай дыяспары за мяжой; неафіцыйнаму правапісу аддаюць перавагу некаторыя пісьменнікі, якія выдаюць кнігі за свой кошт ці за кошт спонсараў.

     Зразумела, «тарашкевіцай» такую мову можна назваць толькі ўмоўна. Калі Браніслаў Тарашкевіч распрацоўваў свой правапіс, вялікай колькасці сучасных слоў проста не існавала («камп’ютэр», «прамоўтэр», «менеджэр» і інш.), і невядома, як бы яны пісаліся паводле Тарошкевіча. А сучасныя праціўнікі «наркамаўкі» часта дзейнічаюць усляпую, самі выбіраюць варыянт напісання новага слова. Акрамя таго, далёка не кожны з іх дасканала ведае «Беларускую граматыку для школ» – засвоілі толькі мяккі знак і мяккі «л», а ўсё астатняе пішуць або «па-наркамаўску», або як на розум прыйдзе. У выніку атрымліваецца такі ж разнабой, як у старабеларускай мове. На гэты конт аднойчы дасціпна выказаўся нехта з беларускіх пісьменнікаў: калі напісаць адно слова на «тарашкевіцы», а другое – на «наркамаўцы», дык што гэта атрымаецца за мова – «таракамаўка»? Таму больш правільна будзе сказаць, што сучасныя рэфарматары мовы ствараюць свой правапіс на аснове «тарашкевіцы». Дарэчы, у мінулым годзе Юрась Бушлякоў, Вінцук Вячорка, Зміцер Санько і Зміцер Саўка распрацавалі і выдалі адзін такі варыянт.

     Акрамя настальгіі па мяккіх знаках і латыні, сучасныя рэфарматары вызначаюцца і лексічнымі (слоўнымі) эксперыментамі. Яны лічаць, што шмат чыста беларускіх слоў выцеснены рускімі, і таму адшукваюць у літаратуры старыя варыянты слоў, або запазычваюць іншамоўныя, пераймаюць дыялектныя ці нават прыдумляюць самастойна – галоўнае, каб адрозніваліся ад рускіх: суп – «поліўка», верталёт – «гелікоптэр», лістоўка – «улётка», мадэль – «падабень», плечы – «рамёны», радыёпрыёмнік – «прымач» і інш. Скажаюцца і імёны людзей: Сяржук, Андрусь замест Сяргей, Андрэй, назвы гарадоў (Менск, Гародня/Горадня, Бярэсце/Берасце замест Мінск, Гродна, Брэст), краін (Расея, Гішпанія, Летува/Жамойція замест Расія, Іспанія, Літва). Казачны герой Чабурашка ў сучасных рэфарматараў мае імя Ушавэлак (запазычылі ўкраінскі варыянт: «ушэвэлэк» – уладальнік вялікіх вушэй), Кашчэй Несмяротны – Здыхлік Неўміручы. Пэўны час «Наша ніва» нават вяла рубрыку, у якой усе жадаючыя маглі прапанаваць свае варыянты новых слоў для «абеларушвання» беларускай мовы. Адзін з «рэфарматараў», напрыклад, прапанаваў замяніць словы «разетка» і «вілка» на «лычка» і «тычка». Ён абгрунтоўваў гэта тым, што разетка нагадвае сабой свіны лыч, а вілку трэба ў гэты «лыч» тыкаць. У адным з апошніх нумароў гэтай жа газеты ў апісанні дэманстрацыі ўжываецца сказ такога зместу: «У паветра ўзлятаюць белыя і чырвоныя балёнікі». Пад «балёнікамі» маюцца на ўвазе шарыкі.

     Кідаецца ў вочы такая заканамернасць: моўныя эксперыменты знаходзяць падтрымку пераважна сярод моладзі (студэнты, школьнікі-старшакласнікі). Гэта зразумела – маладыя людзі хочуць выглядаць значнымі асобамі, займацца сур’ёзнай справай, уплываць на прыняцце рашэнняў, таму і бяруцца «рэфармаваць» мову, не знайшоўшы іншага, сапраўды патрэбнага, карыснага занятку. Часцей за ўсё гэтыя эксперыменты не выходзяць на «ўсенароднае абмеркаванне», а застаюцца жаргонам сяброўскай кампаніі (жыхары аднаго інтэрнацкага пакоя, студэнты-аднагрупнікі і інш.) і знікаюць з распадам такой групы. Сярод іх можна пачуць дыялогі наступнага кшталту:

     – Хлопцы, я зараз галіўся і падумаў, што слова «брытва» нейкае небеларускае: мы ж ёй голімся, а не «бреемся»…

     – Сапраўды. Напэўна, трэба называць яе «галяк». Згодны?

     – Не, галяк – гэта калі грошы зусім скончыліся, дык так кажуць: «Поўны галяк!» Трэба нейкі іншы суфікс прыдумаць.

     – Ну, тады «галяр».

     – Але ж на «ар» заканчваюцца назвы асоб, якія нечым займаюцца: дэкламатар дэкламуе, камінар коміны чысціць, званар у званы звоніць – атрымліваецца, што галяр – гэта той, хто голіць, а не тое, чым голяцца.

     – Я сустракаў у Максіма Гарэцкага слова «гальба». Давайце так і будзем называць.

     – А мне яшчэ не падабаецца слова «зубачыстка».

     – Давайце будзем казаць «калупалка», бо ёй у зубах калупаюцца.

     – Двухсэнсоўна гучыць – як нейкая палка. Нібыта палкай па зубах!

     – Ну, тады «калупалаўка».

     – Таксама двухсэнсоўна – лаўка, на якой сядзяць…

     – Давайце лепш «калупалачка» – палачка, якой калупаюцца.

     – О, сапраўды, як мы адразу не дадумаліся?!

     – А мы ўчора сядзелі ў чыталцы і абмяркоўвалі (пакуль нам заўвагу не зрабілі, што шумім), як правільней казаць: «метро» ці «мэтро», на лацінскі манер.

     – І не так, і не гэтак. Цалкам па-беларуску будзе «мятро». І скланяць трэба: «сустрэліся ў мятрэ», «ехаў спачатку тралейбусам, а далей – мятром». Вясковыя ж людзі старыя так кажуць, а беларуская мова яшчэ ў вёсцы толькі і жыве…

     Напэўна, ці не адзіным сур’ёзным выключэннем сярод сучасных рэфарматараў з’яўляецца прафесійны лінгвіст з Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Павел Сцяцко (ці Павал Сцяцка, на рэфарматарскі манер). У другой палове 90-х гадоў ён вёў на старонках недзяржаўнай газеты «Наша слова» рубрыку «З чужой моўнай практыкі», у якой стараўся даказаць, што шмат якія беларускія словы не беларускія, а рускія, і прапаноўваў для іх замену (часта зусім непрынцыповую, накшталт удачарыць – «удачкаваць», процівагаз – «супрацьгаз», надыходзячае свята – «надыходнае свята» і інш.). Такая дзейнасць саліднага вучонага выклікала захапленне ў радыкальна настроеным студэнцкім асяроддзі і часцей за ўсё усмешку або раздражненне сярод іншых вучоных. Напрыклад, прафесар таго ж Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Іван Лепешаў у сваёй кнізе раскрытыкаваў рубрыку Паўла Сцяцко за павярхоўнасць і спекулятыўнасць.

     Можна прыгадаць яшчэ, што ёсць аматары лацінскай графікі. Яны лічаць, што беларуская мова, шмат у чым падобная на польскую, чэшскую, славацкую, павінна мець і адпаведны алфавіт. Дарэчы, «Беларуская граматыка для школ» Тарашкевіча спачатку выйшла ў двух алфавітных варыянтах – кірылічным і лацінскім. Кнігі Францішка Багушэвіча, некаторыя выданні Янкі Купалы, Змітрака Бядулі і іншых пісьменнікаў пры жыцці аўтараў таксама выходзілі лацінскімі літарамі. Сярод саміх прыхільнікаў лацінскага алфавіта існуе некалькі плыняў: хтосьці прапануе польскі варыянт алфавіта, хтосьці – чэшскі, а хтосьці – свой, «распрацаваны спецыяльна для беларускай мовы»…

     Ці ёсць у сучасных рэфарматараў-эксперыментатараў нейкія «пэрспэктывы»?

     Бесперспектыўная «пэрспэктыва»

     Магчыма, ўпартае імкненне «вярнуцца да сапраўднай беларускай мовы» можна растлумачыць рамантычным светапоглядам – захапленне гісторыяй, жаданне змагацца, ісці насуперак плыні. Магчыма нават, што пазіцыя сучасных рэфарматараў мае пад сабой нейкі гістарычны грунт: вучыліся ж раней дзеці і па «тарашкевіцы», ды і сама «тарашкевіца» дажыла да нашага часу і мае сваіх прыхільнікаў. Але нават пры такім падыходзе зразумела, што мяняць мову радыкальна, рэвалюцыйна немагчыма. Сучасныя людзі проста не ўспрымуць «тарашкевіцу», яна падасца ім вычварнай, недарэчнай. Вельмі добра напісаў аб гэтым Алесь Камароўскі ў сваёй аповесці «Пенальці». Там апісваецца сітуацыя (узятая з рэальнага жыцця), як каментатар футбольных матчаў на тэлебачанні перайшоў на беларускую мову. Адразу на яго імя стала прыходзіць шмат лістоў: хтосьці падтрымліваў, заахвочваў, хтосьці прасіў вярнуць рускамоўныя каментарыі. А некалькі студэнтаў журфака выказалі пажаданне: зрабіце, калі ласка, беларускую мову больш самабытнай, увядзіце замест тэрміна «варатар» – «брамнік», замест «прамахнуцца» – «спудлаваць», замест «вуглавы ўдар» – «кутавы ляп» і інш. Каментатар не ведаў, як паставіцца да такой прапановы, сумняваўся і звярнуўся за парадай да свайго сябра. Той, прачытаўшы ліст, адказаў:

     – Ну-ну, Сямён, увядзі. Тады ўся Беларусь ад такіх «ляпаў» ляжа ад смеху.

     Зразумела, гэта погляд непрафесіянала, выказаны эмацыянальна. А што думаюць наконт «пэрспэктывы» аўтарытэтныя вучоныя?

     Слова аўтарытэтных «наркамаўцаў»

     Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашанец у артыкуле аб праблемах сучаснай беларускай мовы, змешчаным у №10 часопіса «Полымя» за 2005 год, таксама закрануў праблему моўнай нязгоды. Ён зазначыў, што спробы рэфармаваць беларускую мову на «тарашкевічаўскі» лад – беспадстаўныя і нават небяспечныя, «могуць мець непрадказальныя вынікі». Непрадказальныя вынікі – гэта разнабой у напісанні і вымаўленні, адсутнасць узаемапаразумення, разлад у грамадстве і, як вынік, яшчэ большы заняпад беларускай мовы, звужэнне сферы яе ўжывання.

     Праўда, неабходнасць некаторых змен прызнаецца нават самімі «наркамаўцамі», але ў разумных межах. Так, былы дырэктар Інстытута мовазнаўства Аляксандр Падлужны часта прыводзіць прыклад (у сваіх артыкулах, інтэрв’ю): у беларускай мове ёсць слова «сэнс», а аднакаранёвае з ім слова «нонсенс» пішацца, чамусьці, праз «е», а не праз «э». Такіх супярэчнасцей не вельмі шмат, усе яны ўлічаны ў новым варыянце «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», які падрыхтаваны ў Інстытуце мовазнаўства і гатовы да афіцыйнага зацвярджэння. Яго распрацоўка пачалася ў 1994 годзе. У 2004–2005 гадах новы праект шырока абмяркоўваўся ў рэспубліканскіх СМІ («Настаўніцкая газета», часопісы «Роднае слова», «Полымя»), але пакуль што ніхто не сказаў дакладна, калі новыя правілы будуць ўведзены афіцыйна, і ці адбудзецца гэта ўвогуле – да мовы грамадства ставіцца вельмі асцярожна, нават кансерватыўна. Зразумела, акрамя некаторых радыкальных рэфарматараў-рамантыкаў, якія хвалююць вучоных і часам смешаць радавых грамадзян.